КРЫМІНА́ЛЬНА-ПРАЦЭСУА́ЛЬНЫ КО́ДЭКС РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ (КПК),
адзіны заканад. акт, у якім сістэматызаваны нормы крымінальна-працэсуальнага права, што рэгулююць дзейнасць органаў дазнання, папярэдняга следства, пракуратуры і суда па расследаванні і суд. разглядзе крымін. спраў. Першы КПК Беларусі прыняты паводле пастановы ЦВК БССР ад 30.3.1923, уведзены ў дзеянне з 15.4.1923. У 1927 і 1929 у КПК былі ўнесены змены і дадаткі. Дзеючы КПК Рэспублікі Беларусь прыняты 29.12.1960 4-й сесіяй Вярх. Савета рэспублікі, уведзены ў дзеянне з 1.4.1961. З часу прыняцця ў яго ўнесены шэраг змен і дадаткаў. КПК складаецца з 9 раздзелаў і 411 артыкулаў. У іх змешчаны агульныя палажэнні крымінальнага судаводства, вызначаны парадак узбуджэння крымін. спраў і дзейнасць па іх органаў дазнання і папярэдняга следства, парадак судаводства ў судах першай, касацыйных і нагляднай інстанцый, выканання прыгавораў і інш. Зыходзячы з таго, што многія нормы КПК патрабуюць удакладненняў і змен, адпаведнымі службамі Нац. сходу Рэспублікі Беларусь падрыхтавана новая рэдакцыя КПК.
т. 8, с. 512
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)